ЗО́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
адносная адзінка вымярэння бляску нябеснага свяціла (зоркі, планеты, Сонца ці інш.); мера асветленасці, створанай нябесным свяцілам на мяжы атмасферы Зямлі ў плоскасці, перпендыкулярнай да падаючага праменя. У залежнасці ад метаду назірання адрозніваюць З.в. баламетрычную (па поўнай энергіі, выпрамененай свяцілам), фатаграфічную, фотаэл., візуальную і інш.
Зоркі 1-й З.в. (абазначаюцца 1m) ствараюць у 2,512 разоў большую асветленасць E, чым зоркі 2-й З.в., якія ў сваю чаргу ствараюць светлавыя патокі ў 2,512 разоў большыя, чым зоркі 3-й і г.д. Матэматычна гэта запісваецца lg(E1/E2)=0,4(m2-m1), дзе ўлічана, што lg2,512=0,4. Нуль-пункт шкалы З.в. ўмоўна выбраны па групе зорак у наваколлі Палярнай зоркі (Паўночны Палярны Рад), напр., Вега мае З.в. 0m,14. Калі свяціла стварае асветленасць, большую за 0m, яго З.в. лічыцца адмоўнай, напр., Марс (у процістаянні) мае З.в. -1m,9, Сонца -26m,8 З.в. залежыць ад адлегласці паміж назіральнікам і свяцілам, таму ўводзяць абс. З.в., пад якой разумеюць З.в. свяціла на стандартнай адлегласці 10 пс.
А.Шымбалёў.
т. 7, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)